ПРЫГО́ННЫ ТЭА́ТР,
від прыватнага дваранскага т-ра. Быў пашыраны ў Расіі ў канцы 17—19 ст. (П.т. графаў Шарамецевых, князя М.Б.Юсупава, А.Р.Варанцова ў Маскве; С.С.Каменскага ў Арле; Н.Г.Шахаўской ў Ніжнім Ноўгарадзе). На Беларусі П.т. існавалі ў 18—1-й пал. 19 ст. Дзейнічалі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках і сядзібах у спец. памяшканнях ці ў залах палацаў, ратуш і інш. Тэатр. трупы ствараліся з прыгонных сялян; часам у спектаклях выступалі велікасвецкія аматары і прафес. акцёры, інш. раз прыгонныя артысты ўдзельнічалі ў паказах прыватных прафес. тэатраў (гл. Віцебскі балет Піёна). Найб. вядомыя П.т.: Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, тэатр Бжазоўскага ў Матэвушах (пач. 19 ст.), Ружанскі тэатр Сапегаў, Слонімскі тэатр Агінскага, Чарнышова тэатры, Тышкевічавы тэатры. Значную ролю ў гісторыі бел., польск. і рус. мастацтва адыгралі П.т. Радзівілаў (гл. Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла) і Шклоўскі тэатр Зорыча, якія мелі балетна-оперна-драм. трупы, вял. аркестры і капэлы (гл. Прыгонныя аркестры і капэлы), тэатр. будынкі з добра абсталяванай сцэнай і развітой машынерыяй. У т-рах працавалі вядомыя тагачасныя кампазітары і балетмайстры, існавалі школы, у якіх рыхтавалі для т-раў артыстаў (гл. Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза, Слонімская балетная школа, Нясвіжская. балетная шкала, Слуцкая балетная школа). У рэпертуары былі оперы і балеты замежных і рус. кампазітараў, перакладная і арыгінальная драматургія (камедыі Ф.У.Радзівіл, перакладзеныя ёю на польскую мову п’есы Мальера). Своеасаблівай тэатр. з’явай быў у пач. 19 ст. прыгонны цырк Оштарпа ў Дукоры (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.).
Літ.:
Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.
т. 13, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)